КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)